17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Парад ратавальнікаў і тэхнікі МНС пройдзе на праспекце Незалежнасці ў Мінску 22 ліпеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі."Парад стартуе ў 11.00 ад будынка Белдзяржцырка і пройдзе да плошчы Перамогі. У ім таксама прыме ўдзел узвод ганаровай варты Універсітэта грамадзянскай абароны, духавыя аркестры, ветэраны службы і юныя ратавальнікі", - удакладніў Віталь Навіцкі.
Таксама адбудуцца ўрачыстасці ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага. Тут ратавальнікі правядуць маштабныя конкурсы і паказ тэхнікі, у наведвальнікаў будзе магчымасць азнаёміцца з рыштункам пажарных і выбрацца з дымакамеры.
Парад арганізуецца ў гонар Дня пажарнай службы, які святкуецца 25 ліпеня. Ратавальнікі-пажарныя запрашаюць прыняць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, якія пройдуць не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах краіны.