6 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Жонка міністра замежных спраў Беларусі Вера Палякова-Макей 6 сакавіка правяла традыцыйную сустрэчу з жонкамі кіраўнікоў дыпламатычных місій і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый з нагоды Міжнароднага жаночага дня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вера Палякова-Макей цёпла павітала замежных дам, павіншавала іх з надыходзячым святам. Яна пажала ім міру, дабра і шчасця. Жонка міністра адзначыла, што беларуская культура багатая на традыцыі і важна, каб госці змаглі як мага больш з імі пазнаёміцца. Святочнае мерапрыемства, якое прайшло ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, складалася з некалькіх частак. Замежныя дамы паглядзелі выстаўкі твораў беларускіх мастачак, а таксама прадукцыі беларускіх брэндаў. Для іх быў арганізаваны паказ калекцый адзення сучасных айчынных дызайнераў.
А на заканчэнне для жонак кіраўнікоў дыпламатычных місій і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый песні на беларускай мове выканала музычная група "NAVIBAND", якая прадставіць нашу краіну на "Еўрабачанні-2017".
Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА жонка пасла КНР у Беларусі Лі Аймінь, такія мерапрыемствы заўсёды праходзяць у вельмі цёплай абстаноўцы, яны знаёмяць з беларускай культурай. У сваю чаргу жонка пасла Швецыі ў Беларусі Лінея Ялмарсдотэр сказала, што з задавальненнем удзельнічала ў сустрэчы, гэта добрая магчымасць пранікнуцца тэмамі беларускага мастацтва.
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў - экспазіцыйная пляцоўка і прастора для правядзення розных мерапрыемстваў, звязаных з сучаснымі відамі мастацтва.