5 лютага, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Выстаўка "Андрэй Струміла. Жывапіс", якая арганізавана пры садзейнічанні Польскага інстытута ў Мінску, адкрываецца сёння ў музеі гомельскага Палаца Румянцавых і Паскевічаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар музея Аксана Торапава.
Экспазіцыя ўключае ў сябе 60 графічных работ, якія належаць аўтару - вядомаму польскаму мастаку і ў многім легендарнаму чалавеку. Гэта творы з прыватных калекцый, а таксама зборы акруговага музея горада Сувалкі (Польшча).
Удзел у адкрыцці выстаўкі прымуць прадстаўнікі пасольства Польшчы ў Беларусі, Падляскага ваяводства, кіраўнікі некаторых музеяў і цэнтра мастацтваў, размешчаных на тэрыторыі ваяводства.
Мастак нарадзіўся ў Вільні (Вільнюс), аднак род Струмілы па бацькоўскай лініі цесна звязаны з Мінскам, а ў яго біяграфіі памятнымі вехамі адзначаны многія беларускія гарады. У творчай біяграфіі мастака больш як сто індывідуальных выставак (жывапісу, малюнкаў, фатаграфіі). Яго работы выстаўляліся ў Токіа і Берліне, Маскве і Пекіне, Нью-Ёрку і Брэмене, у дзясятках іншых гарадоў свету. Ён з'яўляецца аўтарам, суаўтарам і ілюстратарам звыш 150 кніг.
Выстаўка будзе працаваць да 22 сакавіка.