5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інтэрнэт-праект "Хроніка Перамогі" БЕЛТА стаў пераможцам XI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" ў намінацыі "Лепшы інтэрнэт-праект друкаваных СМІ і інфармагенцтваў", паведаміў карэспандэнт БЕЛТА.
Спецыяльны інтэрнэт-праект "Хроніка Перамогі", прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, прэзентаваны 5 мая на XIХ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "СМІ ў Беларусі".
Адрас інтэрнэт-праекта "Хроніка Перамогі" - http://peramoga.belta.by/. Тут сканцэнтраваны вялікі аб'ём матэрыялаў і фота для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.
На сайце можна знайсці падрабязнасці пра баі, якія, на думку гісторыкаў, вызначылі ўвесь ход Другой сусветнай вайны і сталі вырашальнымі для Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай. Асобная рубрыка прысвечана хроніцы вызвалення Беларусі. Раздзел "Рубяжы" расказвае не толькі пра тыя мясціны на тэрыторыі Беларусі, дзе ў гады вайны змагаліся з ворагам, але і пра тыя, дзе гітлераўцы і іх памагатыя забівалі сотнямі і тысячамі мірных жыхароў.
Цэлай плеядзе сапраўды яркіх, моцных асоб, якія ўзначалілі агульнанародную барацьбу з захопнікамі, прысвечаны раздзел "Легендарныя камбрыгі". У рубрыцы "Гісторыя адной фатаграфіі" цікавымі падрабязнасцямі з ваеннага і пасляваеннага жыцця дзеляцца героі фотаздымкаў.
На сайце прадстаўлена вялікая колькасць унікальных фатаграфій, якія даюць магчымасць паглядзець на падзеі тых далёкіх дзён. У фотагалерэі можна ўбачыць эксклюзіўныя здымкі карэспандэнтаў БЕЛТА пра баявыя дзеянні і жыцці людзей на акупіраванай тэрыторыі, этапы аднаўлення краіны і ўсенароднае свята - Дзень Перамогі.