2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Іншаземцы могуць запраўляцца на рэспубліканскіх дарогах Беларусі толькі за беларускія рублі. Гэта вынікае з пастановы Савета Міністраў і Нацыянальнага банка нумар 148/8 ад 27 лютага 2015 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Згодна з дакументам, страціла сілу пастанова Саўміна і Нацбанка нумар 799/13 ад 20 чэрвеня 2011 года, якой было ўстаноўлена, што "запраўка аўтамабіляў, зарэгістраваных у замежных дзяржавах, маторным палівам на аўтазаправачных станцыях, размешчаных на аўтамабільных дарогах агульнага карыстання з нумарацыяй "М", "М/Е" і ў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках, у межах якіх устаноўлена прыгранічная тэрыторыя Беларусі, ажыццяўляецца выключна за долары ЗША, еўра, расійскія рублі".
Пастанова нумар 148/8 уступае ў сілу сёння.
Як паведамлялася, Нацбанк з 1 сакавіка спыніў выдачу суб'ектам валютных аперацый дазволаў на выкарыстанне ў разліках з фізічнымі асобамі замежнай валюты пры ажыццяўленні рознічнага гандлю, аказанні паслуг на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах з нумарацыяй "М", "М/Е" і ў пунктах пропуску праз Дзяржаўную граніцу Беларусі, рэалізацыі аўтамабільнага бензіну ўсіх марак, дызельнага паліва і звадкаванага газу, а таксама пры ажыццяўленні страхавой і турыстычнай дзейнасці. Раней выдадзеныя дазволы сёння ўжо не дзейнічаюць.
Новаўвядзенне не распаўсюджваецца на выкарыстанне замежнай валюты ў разліках з фізічнымі асобамі ў магазінах бяспошліннага гандлю. Меры па максімальным скарачэнні выпадкаў выкарыстання замежнай валюты пры правядзенні разлікаў на тэрыторыі Беларусі павінны павысіць давер насельніцтва і суб'ектаў гаспадарання да нацыянальнай валюты і абараніць унутраны спажывецкі рынак.