2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навінкі беларускага кнігавыдання прадстаўлены на
XXVIII Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.Прэзентацыя нацыянальнага стэнда, арганізаваная Міністэрствам інфармацыі Беларусі, адбылася 2 верасня - у першы дзень работы форуму.
У гэтым годзе беларуская экспазіцыя прымеркавана да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Беларусь прадставіла кніжныя навінкі самых розных тэматычных напрамкаў: вучэбная, вучэбна-метадычная, навуковая, навукова-папулярная, даведачная, энцыклапедычная, дзелавая літаратура, літаратурна-мастацкія і дзіцячыя выданні. На выстаўцы былі прэзентаваны больш за 1 000 найменняў кніг, выпушчаных выдавецтвамі "Беларусь", "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі", "Выдавецкі дом "Звязда", ААТ "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа", "Мастацкая літаратура", "Вышэйшая школа", "Народная асвета", "Беларуская навука", а таксама выдавецтва Міністэрства адукацыі
"Пачатковая школа", "Адукацыя и выхаванне".Як адзначыла на цырымоніі адкрыцця стэнда міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, Беларусь традыцыйна прадстаўляе ў Маскве дасягненні айчыннага кнігавыдання. "Нашу экспазіцыю ўпрыгожваюць кнігі, якія былі створаны ў супрацоўніцтве і пры фінансавай падтрымцы ўрада Масквы. Сярод іх "Кніжная культура. Ветка" "Жывая вера. Ветка", "Энцыклапедыя Перамогі. Беларусь - Масква", "Беларусы Масквы". З урадам Масквы мы будзем развіваць і новыя праекты, якія нацэлены ў першую чаргу на маладзёжную аўдыторыю", - адзначыла міністр.
Лілія Ананіч звярнула ўвагу на тое, што ў гэтым годзе Беларусь традыцыйна прымала ўдзел у конкурсе "Кнігі краін СНД" і шосты раз удастоена вышэйшай узнагароды конкурсу - Гран-пры за кнігу "Беларусь замкавая".
Міністр інфармацыі падзякавала пасольству Беларусі ў Маскве за аказанне падтрымкі беларускай дэлегацыі ў арганізацыі гэтага праекта.
Першы намеснік кіраўніка дэпартамента сродкаў масавай інфармацыі і рэкламы горада Масквы Юлія Казакова адзначыла, што сумесная беларуска-расійская праграма займае важнае месца ў выдавецкай праграме ўрада Масквы і анансавала кнігу для дзяцей, якая ўключае ў сябе творы беларускіх і расійскіх аўтараў і якая будзе прэзентавана на выстаўцы ў наступным годзе. Юлія Казакова таксама расказала аб новым сумесным праекце газет "Вечерняя Москва" і "Вечерний Минск".