5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы для краіны від вырабаў медыцынскага прызначэння распрацавалі ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.
Паспяхова завершаны навуковы праект, які выконвала інавацыйная лабараторыя РНПЦ. Размова ідзе аб распрацоўцы эталонных штамаў мікраарганізмаў (ЭШМ).
Як тлумачыцца, ЭШМ з'яўляюцца лабараторнымі стандартамі, што выкарыстоўваюцца пры правядзенні мікрабіялагічных даследаванняў, яны служаць для павышэння эфектыўнасці, стандартызацыі і кантролю якасці гэтых даследаванняў. Раней у Беларусі прымяняліся толькі ЭШМ замежнай вытворчасці, звычайна з амерыканскай калекцыі ATCC.
Беларускія спецыялісты распрацавалі тэхналогію вырабу, правялі клінічныя выпрабаванні. Дзяржрэгістрацыю прайшлі першыя 10 айчынных ЭШМ, арганізавана вытворчасць і выпушчаны доследныя серыі. Укараненне распрацоўкі ў рэспубліцы забяспечыць даступнасць ЭШМ для мікрабіялагічных лабараторый, знізіць затраты на набыццё гэтых лабараторных стандартаў. Да таго ж гэта пэўны ўклад у імпартазамяшчэнне.