5 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Новы будынак Вярхоўнага суда ўрачыста адкрыўся ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Стужачку ў час цырымоніі адкрыцця перарэзалі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з функцыянальнымі магчымасцямі будынка, наведаў некаторыя залы і рабочыя кабінеты. Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі ў новым будынку палепшаны ўмовы для работы судовага корпуса.
Старшыня Вярхоўнага суда праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб новаўвядзеннях, у тым ліку ў выкарыстанні тэхналогій.
"Поспехаў! Судзіце сумленна!" - пажадаў Прэзідэнт.
Заказчыкам будаўніцтва гэтага будынка быў УКБ Мінгарвыканкама, а генпадрадчыкам - будаўнічы трэст нумар 4. На першым паверсе пяціпавярховага будынка размешчаны актавая зала на 374 месцы, зала пленума на 110 месцаў, зала прэзідыума на 43 месцы, кабінеты. На другім-пятым паверхах размешчаны кабінеты, 16 залаў судовых пасяджэнняў, зала прыёму дэлегацый, тэхналагічныя і інжынерныя памяшканні, бібліятэка.
Аб'ект забяспечаны сучасным апаратна-праграмным комплексам, які ўключае інфармацыйныя сістэмы, што адказваюць за жыццезабеспячэнне найважнейшых напрамкаў дзейнасці Вярхоўнага суда і ўсёй сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі. Ён уяўляе сабой складаную мультымедыйную сістэму, якая прызначана для правядзення і абслугоўвання мерапрыемстваў (нарад, пасяджэнняў, канферэнцый, судовых пасяджэнняў) любога ўзроўню складанасці, іх гукавога суправаджэння, трансляцыі відэавыяў, пратакаліравання, дакументавання і запісу.
Дзякуючы такому комплексу аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі стане крыніцай інфармацыі іншых дзяржорганаў і арганізацый. Яго прымяненне дасць магчымасць вывесці функцыянаванне Вярхоўнага суда Беларусі на новы тэхнічны ўзровень, адпаведны сучасным патрабаванням да судаводства.
Для будаўніцтва ў асноўным выкарыстоўваліся беларускія матэрыялы, ліфты, мэбля, люстры, мастацкія вырабы.