18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ноч бібліятэк пройдзе ў Мінску 22 студзеня, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
"У гэты вечар не закрыюцца адразу дзве бібліятэкі сталіцы - навуковая, у БНТУ, і гарадская "Пушкінка". Познія наведвальнікі змогуць пераканацца асабіста: кіно і кнігі выдатна спалучаюцца, а бібліятэка - актуальнае месца, якое збірае лепшых людзей горада", - расказалі арганізатары.
Госці, у ліку якіх будуць вядомыя медыяперсоны, у Ноч бібліятэк прачытаюць урыўкі са сваіх любімых кніг на беларускай мове і з твораў замежнай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову.
Ідэя правесці Ноч бібліятэк з'явілася па аналогіі з Ноччу музеяў, якая ўжо зарэкамендавала сябе. Пры гэтым Ноч бібліятэк - частка фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm. Тэма фестывалю ў гэтым годзе - буктрэйлеры, ролікі, якія прэзентуюць кнігу. "Ноч бібліятэк - гэта своеасаблівы майстар-клас, які прызначаны аб'яднаць беларускую мову, літаратуру і кіно. Мы спадзяёмся, што з часам гэта падзея ператворыцца ў добрую традыцыю", - адзначылі арганізатары.
Уваход на Ноч бібліятэк будзе свабодным. Білет не патрэбны, але арганізатары рэкамендуюць захапіць з сабой любую кнігу, каб абмяняцца з іншымі гасцямі. Такім чынам, на адзін вечар дзве "начныя бібліятэкі" ператворацца ў буйнейшыя ў горадзе пункты букросінгу.
У бібліятэках у гэты вечар можна будзе наведаць майстар-клас па здымцы на смартфон і паразмаўляць з беларускімі рэжысёрамі і сцэнарыстамі. А ў Мінскай абласнай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна, у chill-out кіназоне, пакажуць лепшыя конкурсныя фільмы папярэдніх фестываляў velcom Smartfilm.
"Захоўваць цішыню ў чытальных залах у ноч бібліятэк катэгарычна забараняецца: чытаць будуць толькі ўслых і толькі тыя кнігі, якія сапраўды варты экранізацыі", - запэўнілі арганізатары мерапрыемства.