3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У РНПЦ "Кардыялогія" паспяхова правялі транскатэтарную імплантацыю першага ў Беларусі аартальнага клапана MyValve, вырабленага ў Індыі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
Колькасць пажылога насельніцтва з дэгенератыўнымі клапаннымі парокамі сэрца штогод расце ва ўсім свеце. У 30-40 працэнтаў пацыентаў з аартальнымі парокамі традыцыйнае хірургічнае ўмяшанне немагчыма выканаць. У гэтай сітуацыі альтэрнатывай становіцца транскатэтарная імплантацыя аартальнага клапана (працэдура TAVI). Яе пажадана выконваць пацыентам старэйшым за 75 гадоў, тым, у каго высокая хірургічная рызыка, ёсць цяжкія спадарожныя захворванні, былі аперацыі на сэрцы, дэфармацыі грудной клеткі. У такіх выпадках доўгатэрміновыя вынікі TAVI захоўваюць перавагі малаінвазіўнай працэдуры: аперацыя доўжыцца меншы час, няма неабходнасці ў штучным кровазвароце, шпіталізацыя кароткая, а рэабілітацыйны перыяд хуткі.
Як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя, укараненне тэхналогіі TAVI ў краіне дало магчымасць пашырыць паказанні для выканання гэтага малаінвазіўнага ўмяшання, павысіць іх даступнасць для пацыентаў кардыяпрофілю. Разам з тым адна з прыярытэтных задач РНПЦ "Кардыялогія" заключаецца ва ўзмацненні вектара ўзаемадзеяння з краінамі Азіі, Блізкага Усходу і г.д.