15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інданезія ўвяла бязвізавы рэжым для беларускіх турыстаў, якія плануюць прабыць у краіне не больш як 30 дзён. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У адпаведнасці з рашэннем урада Інданезіі для грамадзян Беларусі ўведзены бязвізавы ўезд на тэрыторыю Інданезіі пры кароткатэрміновых, да 30 дзён, паездках у турыстычных мэтах", - сказаў Дзмітрый Мірончык.
Права бязвізавага перасячэння граніцы Інданезіі прадастаўляецца пры ўмове ўезду і выезду праз вызначаныя інданезійскім бокам пункты пропуску ў аэрапортах, партах і на пагранічных пераходах. Для бязвізавага ўезду ў Інданезію грамадзяне Беларусі павінны прад'явіць білет назад і пашпарт, да заканчэння тэрміну дзеяння якога застаецца не менш як шэсць месяцаў з моманту перасячэння граніцы Інданезіі.
Тэрмін знаходжання на інданезійскай тэрыторыі не павінен перасягаць 30 дзён і не падлягае прадаўжэнню. Пры турыстычных паездках працягласцю больш за 30 дзён, а таксама паездках у іншых мэтах для грамадзян Беларусі захоўваецца магчымасць атрымання візы пасля прыбыцця ў Інданезію. Гэты парадак дзейнічае ў адносінах да беларускіх грамадзян з 16 сакавіка 2015 года.