3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXIII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна" пройдзе 14 і 15 чэрвеня. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Старт музычна-паэтычнага форуму запланаваны на 11 чэрвеня. Напярэдадні фестывалю адбудуцца сустрэчы вядомых творчых людзей і літаратараў з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый Маладзечанскага раёна, пройдуць мерапрыемствы ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі "Разам з мастацтвам" і рэспубліканскай харавой акцыі "Помнім, шануем, ганарымся".
Галоўныя мерапрыемствы фестывалю - гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю на сцэне Летняга амфітэатра і Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Палацы культуры - пройдуць 14 і 15 чэрвеня. З 11 па 15 чэрвеня запланавана правядзенне больш як 60 мерапрыемстваў, якія прадэманструюць музычную і літаратурную спадчыну, а таксама дасягненні ў прафесійным мастацтве і аматарскай творчасці.
Больш падрабязную інфармацыю пра фестываль можна знайсці на сайце festyval.by.