6 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Нацыянальная выстаўка Рэспублікі Беларусь у верасні пройдзе ў Тбілісі. Пытанні падрыхтоўкі да яе 5 ліпеня былі ў ліку іншых, разгледжаных на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Яўгена Шастакова з намеснікам міністра замежных спраў Грузіі Давідам Джалаганія і членамі грузінскай дэлегацыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Дэлегацыя знаходзіцца ў Мінску для ўдзелу ў пасяджэнні сумеснай беларуска-грузінскай міжведамаснай рабочай групы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. На перагаворах бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, уключаючы арганізацыю чарговага пасяджэння міжурадавай беларуска-грузінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.
Акрамя таго, адбыўся абмен думкамі па пытаннях двухбаковага палітычнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый і кантактаў з трэцімі краінамі.