25 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Нацыянальная прэзентацыя Беларусі 25 мая адбылася ў народным універсітэце "Уранія" ў Вене, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Аўстрыі.
Мерапрыемства было арганізавана беларускай дыпламатычнай місіяй пры ўдзеле аўстрыйска-беларускага таварыства. У ходзе сустрэчы саветнік пасольства Андрэй Шупляк выступіў з дакладам пра Беларусь, які суправаджаўся відэа- і аўдыяматэрыяламі пра краіну. На прэзентацыі адбылося таксама выступленне старшыні аўстрыйска-беларускага таварыства прафесара Петэра Бахмаера і кіраўніка аўстрыйскай дабрачыннай арганізацыі "Адпачынак для дзяцей з Беларусі" Марыі Хетцэр, якую добра ведаюць у краіне дзякуючы яе вялікай рабоце па аздараўленні беларускіх дзяцей. Беларуская скрыпачка Ганна Красная, якая жыве ў Вене, сыграла шэраг твораў беларускіх кампазітараў.
Гасцям мерапрыемства былі прапанаваны прэзентацыйныя матэрыялы пра Беларусь, дзейнасць аўстрыйска-беларускага таварыства, а таксама пра рэалізацыю чарнобыльскага праекта "Адпачынак для дзяцей з Беларусі".