5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першае мерапрыемства XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу - прэзентацыя выдавецкіх праектаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаных галоўнай кнізе 2019 года - Брэсцкай Бібліі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове.
Факсімільнае ўзнаўленне Брэсцкай Бібліі 1563 года выклікала сапраўдны інфармацыйны ўзрыў. Яе прэзентацыі прайшлі не толькі ў розных гарадах Беларусі, але таксама і на сусветных кніжных выстаўках і кірмашах, напрыклад, у Франкфурце-на-Майне і Маскве. Апублікаванае Нацыянальнай бібліятэкай факсіміле стала самым вялікім выданнем за ўсю гісторыю беларускай кніжнасці. Усё гэта абудзіла вялікую цікавасць да знакамітага кніжнага помніка, аднак не раскрыла многіх яго таямніц. У сувязі з гэтым Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала яшчэ тры выданні, якія будуць прадстаўлены публіцы.
Першае - гэта нядаўна выпушчаная навуковая манаграфія аўтарства намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы, якая расказвае пра шэраг невядомых і малавядомых старонак у гісторыі знакамітай кнігі. "Добра ілюстраваная манаграфія не толькі апісвае абставіны стварэння гэтага кніжнага помніка, але і робіць спробу асэнсаваць яго значнасць не толькі як твора мастацтва, паліграфічнага шэдэўра, рэлігійнай каштоўнасці, літаратурнай і навуковай працы нашых продкаў, але і важнага артэфакта сучаснасці", - расказалі ў НББ.
Другое - гэта камплект рэпрадукцый найбольш прыгожых і прадстаўнічых старонак Брэсцкай Бібліі, якія выкананы ў арыгінальным памеры і перадаюць усю значнасць рарытэта XVI стагоддзя. Трэцяе - гэта электроннае выданне, прысвечанае Брэсту, яго гісторыі і культурнай спадчыне, у якім можна азнаёміцца і з матэрыяламі пра Брэсцкую Біблію.
Прэзентацыя праводзіцца 5 лютага на цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі адразу пасля ўрачыстага адкрыцця XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.