22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нарачанскія азёры па выніках праведзенага спецыялістамі Гідрамета маніторынгу паверхневых вод увайшлі ў тройку самых чыстых вадаёмаў і вадацёкаў Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
На першым і другім месцах у гэтым спісе адпаведна частка вадацёкаў басейнаў Заходняй Дзвіны і ракі Нёман. Возера Мядзел Мінскай вобласці - на чацвёртым месцы. У топ-10 таксама ўвайшлі Браслаўскія азёры, азёры Рычы, Абстэрна і Сянно (Віцебская вобласць), Свіцязь (Гродзенская вобласць), а таксама Свір (Мядзельскі раён Мінскай вобласці).
У той жа час спіс самых брудных вадаёмаў краіны па-ранейшаму ўзначальвае Свіслач (у прыватнасці, каля вёскі Каралішчавічы, Мінскі раён). "Менш чыстыя воды заўсёды там, дзе вялікая колькасць насельніцтва і працуюць прамысловыя вытворчасці. Нягледзячы на тое што ў кожнай вобласці ўстаноўлены ачышчальныя збудаванні, поўнасцю ачысціць рэкі і азёры складана і дорага", - адзначыў намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Аляксандр Станкевіч.
На трэцім месцы ў спісе самых брудных адразу пасля ракі Уза (Гомельская вобласць) - Пліса, якая працякае ў раёне Жодзіна. У топ-10 гэтага спіса таксама ўвайшлі рэкі Брэсцкай вобласці (Заходні Буг, Мухавец, Капаюўка, Лясная Правая, Ясельда), возера Лядна (Віцебская вобласць), рака Уша (знаходзіцца ніжэй за Маладзечна).