10 чэрвеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Выстаўка "Святочныя абразы" па выніках міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Польшчы будзе прэзентавана ў віцебскай Ратушы 10 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным краязнаўчым музеі.
У экспазіцыі амаль 40 работ беларускіх, украінскіх і польскіх мастакоў, якія працуюць у розных тэхніках, у тым ліку наіўнага народнага мастацтва і абстракцыянізму. На выстаўцы прадстаўлена частка творчых вынікаў майстар-класаў жывапісцаў, якія прадаўжаюць у сучасным мастацтве традыцыі іканапісу.
Традыцыя правядзення ў Польшчы іканапісных майстар-класаў бярэ свой пачатак у 2009 годзе. Штогод восенню ў горадзе Новіца сустракаюцца мастакі з Польшчы, Украіны і Славакіі. Беларускія іканапісцы ўдзельнічаюць у міжнародным праекце з 2011 года. Польскія творчыя сустрэчы прысвечаны галоўным іконаграфічным тэмам, у тым ліку паказу вобразаў Багародзіцы, Хрыста, прарокаў і анёлаў. Работу майстроў (прадстаўнікоў усходняй і заходняй традыцый) суправаджаюць канферэнцыі і дыскусіі, у якіх удзельнічаюць вядомыя мастацтвазнаўцы і тэолагі.
Усяго ў майстар-класах прынялі ўдзел больш як 50 мастакоў, а створаныя ў горадзе Новіца работы ўбачылі ўжо звыш 15 тыс. чалавек.
Арганізатары выстаўкі "Святочныя абразы" - Польскі інстытут у Мінску і Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 10 чэрвеня ў 16.00, абразы будуць знаходзіцца ў Віцебску да канца месяца.
Святочныя абразы - гэта абразы з выявамі найважнейшых хрысціянскіх свят.