18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзея Скардзіна перамагла ў мас-старце на "Гонцы легенд" у "Раўбічах", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана ў эстафеце ўпэўнена правяла стральбу і перамагла з відавочнай перавагай. Другое месца заняла Ганна Багалій з Расіі, а замкнула тройку прызёраў Сімона Хаўсвальд з Германіі.
"Цудоўная падтрымка гледачоў дапамагла мне добра справіцца ў забегу. Старалася парадаваць гледачоў і рада, што ўдалося перасекчы фінішную стужку першай. У "Раўбічах" выдатнае свята, якое паказвае, наколькі любяць гэты від спорту ў Беларусі. Сёння адбылася сустрэча з юнымі біятланістамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі імкнуліся задаць пытанне свайму куміру, стараліся апярэдзіць адзін аднаго. Лічу, што для падрастаючага пакалення біятланістаў сустрэчы з зоркамі сусветнага спорту - добры стымул працаваць больш, каб паўтарыць, а можа, і пераўзысці іх поспех. У мой час такіх мерапрыемстваў не было, а цяпер ствараюцца шыкарныя ўмовы для будучых чэмпіёнаў", - расказала Надзея Скардзіна.
Завершыцца спартыўнае свята ўзнагароджаннем пераможцаў і прызёраў "Гонкі легенд", рэспубліканскіх спаборніцтваў "Снежны снайпер" і праводзінамі Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіна з вялікага спорту.
Тэлеканал "Беларусь 5" вядзе прамую трансляцыю гонак з "Раўбіч".