16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У аснову канцэпцыі ХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будзе пакладзена ідэя больш яркай і маштабнай, чым у мінулыя гады, прэзентацыі дасягненняў беларускай эстрады. Аб гэтым стала вядома па выніках пасяджэння арганізацыйнага камітэта форуму, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
На пасяджэнні арганізацыйнага камітэта разглядаліся творчыя і фінансавыя вынікі XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з улікам рэалізацыі новых падыходаў, узгодненых кіраўніком дзяржавы. Намеснік прэм'ер-міністра, старшыня арганізацыйнага камітэта Наталля Качанава адзначыла, што канцэптуальныя падыходы практычна рэалізаваны - гэта афіцыйнае замацаванне за фестывалем статусу "фестывалю фестываляў", а за Віцебскам - статусу сталіцы фестывальнага руху. Павышана якасць фестывальных мерапрыемстваў, значна павялічаны ўласныя даходы ад рэалізацыі фестывальных мерапрыемстваў.
У 2015 годзе на 17 фестывальных пляцоўках было праведзена звыш 130 мерапрыемстваў. Таксама ўпершыню на сцэне Летняга амфітэатра адбылася цырымонія ўзнагароджання фіналістаў і пераможцаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2015".
У рамках Года моладзі прайшлі мерапрыемствы Дня моладзі.
На пасяджэнні арганізацыйнага камітэта таксама абмеркаваны канцэптуальныя падыходы да правядзення XXV юбілейнага фестывалю ў 2016 годзе. "У сувязі з гэтыму ў аснову канцэпцыі фестывалю будзе пакладзена ідэя больш яркай і маштабнай, чым у мінулыя гады, прэзентацыі дасягненняў беларускай эстрады, шмат у чым сфарміраванай пад уплывам "Славянскага базару", - паведамілі ў прэс-службе.
З мэтай забеспячэння эфектыўнага старшынства Беларусі ў Сусветнай асацыяцыі фестываляў (САФ) на 2015-2020 гады Мінкультуры сумесна з Віцебскім аблвыканкамам і ДУ "Цэнтр культуры "Віцебск" распрацаваны комплекс мер, які прадугледжвае арганізацыю работы штаб-кватэры САФ на базе дзяржаўнай установы "Цэнтр культуры "Віцебск", пазіцыянаванне Беларусі праз старшынства і выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў асацыяцыі як аднаго з лідараў гуманітарнай місіі на еўразійскай прасторы і ў свеце.
Па выніках пасяджэння арганізацыйнага камітэта дадзены адпаведныя даручэнні органам дзяржаўнага кіравання па падрыхтоўцы аб'ектаў інфраструктуры Віцебска, інфармацыйным асвятленні ходу падрыхтоўкі юбілейнага фестывалю, узмацненні крытэрыяў адбору канкурсантаў, а таксама арганізацыі работы па прыцягненні спонсарскіх сродкаў.