3 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. На ўдзел у конкурсе выканаўцаў эстраднай песні фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" ўпершыню пададзены заяўкі з Гвінеі, В'етнама і Егіпта. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Таксама ўпершыню на ўдзел у міжнародным дзіцячым музычным конкурсе паступілі заяўкі з Вялікабрытаніі, Канады і Калумбіі.
Дырэктар фестывалю падкрэсліў, што гэтыя два конкурсы з'яўляюцца галоўнымі фестывальнымі падзеямі. Цяпер адабрана прыкладна па 30 заявак на ўдзел у кожным з іх. Гэтыя заяўкі разглядаюцца ў дырэкцыі фестывалю спецыяльнай экспертнай групай на іх адпаведнасць умовам конкурсу. У выніку будзе адабрана па 21 удзельніку. "Спіс канкурсантаў будзе аб'яўлены на наступным тыдні", - дадаў Аляксандр Сідарэнка.
Ён адзначыў, што ўзровень канкурсантаў з кожным годам расце, паколькі амаль 90 працэнтаў канкурсантаў папярэдне праходзяць нацыянальныя адборы ў сваіх краінах. Так, у гэтым годзе ўпершыню нацыянальныя адборы на ўдзел у конкурсах "Славянскага базару ў Віцебску" прайшлі ў Германіі, Арменіі і Польшчы.
"Упэўнены, што ў гэтым годзе мы даведаемся пра новыя імёны, убачым новых выканаўцаў", - рэзюмаваў дырэктар фестывалю.
XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 12 па 16 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны 7-11 і 17-18 ліпеня.