30 чэрвеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. XIII Міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-Жыжаль" пройдзе 9-31 ліпеня на базе адпачынку "Вербкі" пад Бабруйскам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў гарадскім мастацкім музеі імя Георгія Паплаўскага.
Своеасаблівая інтэрнацыянальная майстэрня, дзе гліна дзякуючы абпалу ператвараецца ў сапраўдныя творы мастацтва, збярэ на гэты раз майстроў з 10 краін, у тым ліку ўпершыню чакаюцца мастакі з Японіі. "Кіраўніком і асноўным творчым натхняльнікам пленэру з'яўляецца вядомы бабруйскі мастак-кераміст Валерый Калтыгін. Менавіта дзякуючы яго нязгаснай энергіі нам удаецца збіраць прафесіяналаў з розных краін свету на беразе Бярэзіны і ствараць унікальныя творы, якія кожны год папаўняюць фонды нашага музея", - адзначылі субяседнікі.
У бягучым годзе прапануецца тэма сацыяльнай экалогіі "Чалавек у асяроддзі пражывання". Прапануецца ствараць насценныя аб'ёмныя пано ў тэхніцы пластыкі. Галоўных фігур на гэты раз плануецца дзве. Але якія менавіта, куратар пленэра Валерый Калтыгін пакуль трымае ў сакрэце. Выстава ўдзельнікаў свята керамікі адкрыецца 30 ліпеня ў гарадскім мастацкім музеі.