8 красавіка, Мінск /Наталля Злотнік - БЕЛТА/. 18-ы міжнародны вясенні кірмаш турысцкіх паслуг "Адпачынак-2015" адкрываецца сёння ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Афіцыйную цырымонію адкрыцця выстаўкі сёння наведае генеральны сакратар Сусветнай турысцкай арганізацыі (UNWTO) Талеб Рыфаі, які знаходзіцца з візітам у Беларусі 7-10 красавіка.
Наведвальнікам будуць прапанаваны бізнес-туры, сезонны і дзіцячы адпачынак, круізы, адукацыйныя туры, экскурсійныя праграмы. Акрамя рознапланавых тураў, тэматыка кірмашу "Адпачынак-2015" будзе ўключаць транспартныя паслугі, спартыўны інвентар, страхаванне ў турызме, санаторыі, пансіянаты, дамы адпачынку, турыстычныя клубы, паслугі гасцінічнага сэрвісу, тавары для адпачынку і спорту, а таксама карты, буклеты, даведнікі і інш. Для тых, хто аформіць тур непасрэдна на выстаўцы, зробяць скідку. Асобныя туркампаніі плануюць разыграць сярод наведвальнікаў бясплатныя пуцёўкі.
Удзел у выстаўцы пацвердзілі больш як 200 кампаній з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Чэхіі, Грузіі, Балгарыі, Узбекістана, Ізраіля, Турцыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Грэцыі. Сярод экспанентаў - тураператары, агенцтвы па развіцці турызму, інфацэнтры, прадстаўнікі гасцінічнага бізнесу, нацпаркі, транспартныя і страхавыя кампаніі. У праграме выстаўкі прэзентацыі новых турыстычных напрамкаў, круглыя сталы, семінары па актуальных праблемах турыстычнай галіны.
Работа кірмашу 8 красавіка прадоўжыцца з 12 да 18 гадзін, 9 і 10 красавіка - з 10 да 19 гадзін. У заключны дзень 11 красавіка экспазіцыя будзе працаваць з 10 да 16 гадзін.
Кірмаш турпаслуг "Адпачынак-2015" праводзіцца Нацыянальным выставачным цэнтрам "БелЭкспа" сумесна з Міністэрствам спорту і турызму.