5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. X Міжнародны фестываль тэатраў лялек пройдзе ў Мінску з 18 па 21 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.
Гэты маштабны форум, праводзімы раз у два гады, прадставіць гледачу 14 спектакляў з сямі краін свету. Упершыню ў фестывалі прымуць удзел калектывы з Ірана, Балгарыі, Іспаніі. Падзяліцца сваёй творчасцю прыедуць лепшыя тэатральныя кампаніі Францыі, Ізраіля, Расіі і ўсе дзяржаўныя тэатры лялек Беларусі. Усяго за папярэднія фестывалі Мінск наведалі больш за 60 тэатраў з розных куткоў свету.
Юбілейны фестываль абяцае здзівіць не толькі шырынёй геаграфіі краін-удзельніц, але і ўзроставай накіраванасцю спектакляў: большасць пастановак адрасаваны дарослай аўдыторыі. Традыцыйна арганізатары фестывалю фарміруюць праграму так, каб у гледачоў была магчымасць убачыць не толькі новыя і ўжо высока адзначаныя спецыялістамі спектаклі, але і ў поўнай меры адчуць усю жанравую разнастайнасць сучаснага тэатра лялек. Прадстаўленыя спектаклі цяперашняй праграмы - гэта смелае спалучэнне харэаграфіі, пантамімы і класічных форм тэатра.
Асабліва яркай у гэтым годзе абяцае быць беларуская праграма форуму. Айчынныя калектывы прывязуць самыя свежыя работы, створаныя на стыку традыцый і эксперыменту.
Дзіцячая праграма фестывалю будзе прадстаўлена пастаноўкамі з Ізраіля (The Train Theater) і Віцебска (Беларускі тэатр "Лялька").
Традыцыйна ў час фестывалю будуць праводзіцца майстар-класы і дыскусіі з гледачамі і крытыкамі. Таксама ўсіх чакае ўнікальны вечар тэатральнай музыкі ад групы "Нагуаль". Музыканты рыхтуюць абноўленую праграму з кампазіцый, напісаных спецыяльна для тэатраў лялек.
Спектаклі форуму пройдуць на пляцоўках горада - Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Новага драматычнага тэатра, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама на Малой сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.