27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ІІІ
Міжнародны фестываль-конкурс "Творчасць без межаў" пройдзе 1-3 лістапада ў Мінску, паведамілі БЕЛТА арганізатары.У творчым спаборніцтве, якое прызначана падтрымаць развіццё дзіцячых і юнацкіх калектываў, прымуць удзел артысты ад 6 да 25 гадоў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Польшчы, Кітая.
Фестываль-конкурс праводзіцца ў два туры: першы (завочны) праходзіў з 1 ліпеня па 10 кастрычніка. У ім удзельнічалі больш за 600 калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Па выніках завочнага тура ў другі прайшлі 242 калектывы і выканаўцы.
Адкрыццё свята, а таксама выступленні ў намінацыях "Вакальны жанр" (народны) і "Інструментальны жанр" адбудзецца 1 лістапада ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а 2 лістапада будуць спаборнічаць удзельнікі ў намінацыях "Вакальны жанр" (эстрадны, акадэмічны), "Мастацкае слова", "Тэатральны жанр".
На пляцоўцы Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў 2 лістапада пакажуць свае таленты выканаўцы ў намінацыях "Харэаграфія" (народна-сцэнічны, народны стылізаваны, эстрадны танец, сучасная харэаграфія), "Тэатры моды", "Цыркавы жанр".
Гала-канцэрт міжнароднага фестывалю-конкурсу "Творчасць без межаў" пройдзе 3 лістапада ў канцэртнай зале "Мінск".
Выступленні артыстаў ацэніць журы, у склад якога ўвайшлі заслужаныя работнікі адукацыі і культуры, педагогі спецыялізаваных навучальных устаноў, вядомыя спевакі, кампазітары, музыканты, прадстаўнікі СМІ.
Мэта мерапрыемства - стварыць для дзяцей і моладзі магчымасць творчых стасункаў, выявіць новыя таленты, пазнаёміць з узорамі нацыянальнай культуры і мастацтва розных краін. Удзельнікі фестывалю акунуцца ў свет творчасці, пазнаёмяцца з культурамі іншых народаў, завядуць новыя знаёмствы. На форуме запланавана вялікая колькасць мерапрыемстваў: конкурсы, канцэрты, майстар-класы, этнадыскатэка, тэматычныя зоны, гульнявыя пляцоўкі, навуковыя эксперыменты.
Заснавальнікі фестывалю-конкурсу "Творчасць без межаў" - Міністэрства адукацыі Беларусі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.