21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны дзень ёгі плануецца правесці 21 чэрвеня ў мінскім парку імя Горкага. Як паведаміў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці, пасольства Індыі сумесна са службамі сталіцы распрацоўвае гэта пытанне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат адзначыў, што прапанову Індыі адзначаць Міжнародны дзень ёгі падтрымала рэкордная колькасць краін на Генеральнай Асамблеі ААН у 2014 годзе.
Пасол таксама расказаў аб адукацыйных і культурных праграмах, якія індыйскі бок прапануе беларусам. У прыватнасці, штогод Індыя прадастаўляе 45 стыпендый беларускім спецыялістам па праграме ITEC. Паводле слоў дыпламата, больш як 250 спецыялістаў з міністэрстваў, ведамстваў, сродкаў масавай інфармацыі, навуковых і іншых устаноў скарысталіся гэтай праграмай. Пасол адзначыў, што індыйскі бок вядзе запіс і на іншыя навучальныя праграмы, запрасіў беларусаў да ўдзелу ў іх.