23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэрт "Заўсёды ў маім сэрцы. Музыка Італіі, Іспаніі і Кубы" як частка праекта "Вечары з "Серэнадай" адбудзецца 28 кастрычніка ў Вялікім тэатры Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла вядучы рэдактар службы маркетынгавых камунікацый Вольга Савіцкая.
У канцэрце прагучаць папулярныя кубінскія, італьянскія і іспанскія мелодыі. Кампазіцыі выканаюць уладальніца медаля Францыска Скарыны Таццяна Траццяк, народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Міхнюк і квінтэт "Серэнада".
Асноўнай ідэяй праекта "Вечары з "Серэнадай" стала прыцягненне публікі да класічнага выканання праз больш папулярныя жанры. "У розных праграмах з "Серэнадай" працуюць вядучыя салісты беларускай оперы. У ансамблі іграюць прафесіяналы розных пакаленняў, і кожны з іх прыўносіць нешта сваё. У рэпертуары артыстаў ахоплены розныя жанры. У праграме - старадаўнія і сучасныя рускія рамансы, французскія і неапалітанскія песні, шлягеры з амерыканскіх мюзіклаў, джаз і класіка. Безумоўным поспехам у слухачоў карыстаецца музыка з кінафільмаў", - расказалі ў тэатры.