30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стварэнне музейнага квартала Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі дасць магчымасць прадставіць 31 унікальную калекцыю. Аб гэтым паведаміў сёння на выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы ў Нацыянальным мастацкім музеі дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Музейныя комплексы існуюць у еўрапейскіх гарадах. Стварэнне такога ў цэнтры Мінска дасць магчымасць дэманстраваць увесь спектр нацыянальнай культуры, прадставіць тую частку калекцыі беларускага мастацтва, якая сёння знаходзіцца ў запасніках, адзначыў Уладзімір Пракапцоў.
Пасля завяршэння рэстаўрацыі комплексу будынкаў музея, якая вядзецца сёння, павялічыцца экспазіцыйная плошча на 3 тыс. 263 кв.м. Цяпер экспазіцыя (а гэта толькі 4,5 працэнта экспанатаў) выстаўляецца на плошчы 4 тыс. 271 кв.м. Цяпер у сховішчах музея знаходзіцца 31 калекцыя, якая налічвае больш за 30 тыс. экспанатаў.
Тым не менш, плошча для захоўвання экспанатаў павялічыцца толькі на 64 кв.м. Пытанне пашырэння фондасховішчаў для Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі стаіць вельмі востра, падкрэсліў Уладзімір Пракапцоў. Акрамя таго, галоўны музей краіны не мае неабходнай інфраструктуры для арганізацыі продажу сувенірнай прадукцыі, кафэ для наведвальнікаў.