2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Музеі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сёння ўрачыста адкрыўся выставачны павільён міліцэйскай рэтратэхнікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч. "Сёння, напярэдадні Дня беларускай міліцыі, мы адкрываем павільён Музея МУС, дзе прадстаўлены рэтрааўтамабілі. За кожным з іх - цэлая эпоха работы нашага ведамства. Гэтыя працаўнікі, гэтак жа як і супрацоўнікі мінулых пакаленняў, выканалі сур'ёзны аб'ём работы і сёння заслужана займаюць месца ў музеі як экспанаты. Сённяшняе мерапрыемства арганізавана для таго, каб захоўваць традыцыі. Трэба, каб усе ведалі сваю гісторыю. Без гісторыі няма будучыні - гэта агульнавядома", - адзначыў міністр.
Экспазіцыя складаецца з шасці мадэлей, якія адыгралі найбольш значную ролю ў гісторыі айчыннай міліцыі. Самы ўзроставы ўдзельнік - ГАЗ-67Б, які паступіў на ўзбраенне аператыўных падраздзяленняў органаў НКУД і МДБ СССР у 1944 годзе. Кампактны "Масквіч-401" служыў асноўным аўтатранспартам для сілавікоў на працягу некалькіх пасляваенных дзесяцігоддзяў. На змену яму прыйшла "Волга" ГАЗ-21Р. Яе замянілі "Жыгулі", у прыватнасці ВАЗ-2106, прадстаўлены на выстаўцы. Яшчэ дзве экспануемыя мадэлі, УАЗ-452 і УАЗ-469Б, да гэтага часу знаходзяцца на службе ведамства.
Усе экспанаты на хаду. Плануецца, што ў далейшым яны будуць выкарыстоўвацца пры правядзенні розных мерапрыемстваў.