8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навагодняя выстаўка "Музей ёлачных цацак" запрашае гасцей з 10 снежня па 31 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі "Дом-музей І з'езда РСДРП".
Гэты праект выклікаў вялікую цікавасць гледачоў у мінулым годзе, яго наведалі больш як 30 тыс. чалавек.
На выстаўцы кожнае дзіця зможа трапіць у казку, а дарослы - вярнуцца ў далёкае дзяцінства.
Экспазіцыя пабудавана па прынцыпе чарадзейнага лабірынта, у якім прадстаўлена гісторыя вытворчасці шкляных ёлачных цацак з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён.На выстаўцы "Музей ёлачных цацак" будуць прадстаўлены цацкі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі, Афрыкі, аналагаў некаторых з іх няма ні ў адным еўрапейскім музеі. У экспазіцыі - дакладная копія цацкі, падоранай Папе Рымскаму Іаану Паўлу
ІІ, і занесенай у Кнігу рэкордаў Гінеса, вялізны шкляны шар з Венскага балю і многае іншае. Тут жа цацкі з Перу - незвычайныя экспанаты ад індзейцаў далёкай Амазонкі, зробленыя з раслін дажджавога лесу, упрыгожанні з керамікі жыхароў Лімы, унікальная калекцыя цацак з Паўночнай Карэі, ёлачныя цацкі з Індыі, краіны, дзе спляценне рэлігій і культаў прасякнута жаданнем святкаваць Новы год па-еўрапейску.Для тых, хто любіць выяўленчае мастацтва, - копіі карцін Марка Шагала, Івана Шышкіна, Сальвадора Далі, Пабла Пікаса, Віктара Васняцова, Івана Айвазоўскага, Леанарда да Вінчы, адлюстраваныя на шкляных шарах.
Таксама можна будзе паглядзець мініяцюрны калядны гарадок.