14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі тэнісіст Максім Мірны і аўстрыец Філіп Освальд выйшлі ў фінал турніру ў амерыканскім Х'юстане, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У паўфінальным матчы парнага разраду Мірны і Освальд перайгралі адзін з лепшых дуэтаў планеты амерыканцаў Боба і Майка Браянаў - 6:4, 2:6, 10:6. Цяпер у фінале беларуска-аўстрыйскі тандэм згуляе з Андрэ Бегеманам з Германіі і харватам Антоніа Санчычам.
На жаночым турніры ў швейцарскім Лугана беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка і Вера Лапко прабіліся ў паўфінал парнага разраду, абыграўшы ў 1/4 фіналу аўстралійска-швейцарскі тандэм Моніка Адамчак/Ксенія Кнол - 6:4, 6:2.
Абедзве беларускія тэнісісткі выйшлі ў чвэрцьфінал адзіночнага разраду. Арына Сабаленка паспрачаецца за выхад у паўфінал з італьянкай Камілай Георгі, а Вера Лапко будзе гуляць з бельгійкай Кірстэн Фліпкенс, якая перамагла ў 1/8 фіналу Аляксандру Сасновіч.