5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя пастановай нумар 91 ад 30 кастрычніка 2020 года вызначыла, хто падпадае пад абавязковы медыцынскі агляд на наяўнасць інфекцыі COVID-19, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства.
Размова ідзе аб людзях, якія маюць інфекцыю COVID-19, кантактах першага ўзроўню, а таксама кантактах другога ўзроўню, калі ў іх ёсць адзін або некалькі рэспіраторных сімптомаў і гэта дзеці ва ўзросце да 10 гадоў, якія наведваюць ўстанову дашкольнай або агульнай сярэдняй адукацыі. Пад медагляд таксама падпадаюць пацыенты, якія будуць шпіталізавацца ў стацыянар для планавай медыцынскай дапамогі, медработнікі пры аказанні дапамогі пацыентам з COVID-19.
Дакументам устаноўлены пералік сімптомаў, якія з'яўляюцца падставай для абавязковага медыцынскага агляду на інфекцыю COVID-19 пры наяўнасці эпідэміялагічнага анамнезу.
Пастанова, якая ўступае ў сілу з 6 лістапада, уносіць змяненні ў пастанову Міністэрства аховы здароўя нумар 97 ад 12 ліпеня 2012 года.
У Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі, што разумеецца пад медыцынскім аглядам. Гэта вывучэнне і ацэнка стану здароўя пацыента, якія праводзяцца ўрачом-спецыялістам пры аказанні медыцынскай дапамогі для ўстанаўлення наяўнасці або адсутнасці сацыяльна небяспечнага захворвання, ВІЧ, вызначэння патрэбнасці ў меддапамозе. У адпаведнасці з заканадаўствам у адносінах да людзей, якія ўхіляюцца ад абавязковага медыцынскага агляду, прымяняюцца спецыяльныя меры па аказанні меддапамогі.