24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск і Брэст увайшлі ў топ-10 папулярных зімой у турыстаў гарадоў СНД. Такія даныя прадаставіла БЕЛТА аналітычнае агенцтва ТурСтат.
Рэйтынг складзены па выніках аналізу папулярнасці турпаездак гэтай зімой. У топ-10 самых папулярных у турыстаў гарадоў СНД зімой уваходзяць Мінск, Алматы, Баку, Астана, Ерэван, Ташкент, Брэст, Бішкек, Кішынёў і Гянджа.
У сталіцы краін СНД турысты падарожнічаюць у выхадныя дні. Таксама запатрабаваны туры на гарналыжныя курорты - Чымбулак у Казахстане, Шахдаг і Туфандаг у Азербайджане, Сілічы і Лагойск у Мінскай вобласці Беларусі.
Паводле даных аналітычнага агенцтва, турысты прыязджаюць у Беларусь зімой у сярэднім на 3 дні і трацяць $70 у суткі.
Для недарагіх паездак у СНД папулярныя Брэст і Бішкек, а для адпачынку "люкс" - Баку і Астана.