21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможца Нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь - 2018" Марыя Васілевіч увайшла ў топ-30 лепшых мадэлей свету. Аб гэтым яна паведаміла на сваёй старонцы ў Instagram, паведамляе БЕЛТА.
"Каля 120 дзяўчат з усяго свету з'явіліся на подыуме, каб пазмагацца за званне "Топ-мадэль свету". Мне ўдалося прайсці ў фінал і трапіць у лік 30 лепшых мадэлей на думку журы", - напісала Марыя Васілевіч.
Званне топ-мадэлі атрымала прадстаўніца Францыі.
Конкурс "Міс свету - 2018" у гэтым годзе прымае Кітай. Падрыхтоўкай Марыі Васілевіч займалася Нацыянальная школа прыгажосці пры падтрымцы Міністэрства культуры. Дзяўчына прайшла ўрокі макіяжу, цырульніцкага майстэрства, стылю, псіхалогіі, вучылася дэфіле, фотапазіраванню, удасканаліла англійскую мову. Спецыяльна для конкурсу былі пастаўлены два танцы. Самы маштабны этап падрыхтоўкі быў у стварэнні дызайнерскіх убораў для конкурсу.
Імя самай прыгожай дзяўчыны свету стане вядома ў час вячэрняга шоу 8 снежня.