18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая партыя сабранага на тэрыторыі афіцыйнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі "Дразды" ўраджаю паступіла сёння ў мінскія Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў і Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант.
Экалагічна чыстую прадукцыю - бульбу, агуркі, памідоры, кабачкі, дыні, кавуны, вырашчаныя кіраўніком дзяржавы, развозіў яго малодшы сын Мікалай Лукашэнка.
Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў невыпадкова быў выбраны для дастаўкі першай партыі прадукцыі. У снежні шэфства над домам-інтэрнатам узялі вучні Астрашыцка-Гарадоцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы, у якой навучаецца Мікалай Лукашэнка. З таго часу школьнікі пастаянна наведваюць пажылых людзей, запрашаюць да сябе ў госці, выступаюць з мастацкімі пастаноўкамі. Як адзначыла Наталля Эйсмант, тут засталіся вельмі рады вітамінным гасцінцам.
У Дзіцячым гарадку таксама з вялікім задавальненнем прынялі прывезеную прадукцыю. З 90 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць тут, цяпер у Мінску знаходзяцца толькі 15, астатнія выехалі на аздараўленне. Дзеці правялі для гасцей невялікую экскурсію, паказалі, як яны жывуць, чым займаюцца ў вольны час, як трэніруюцца.
Уборка ўраджаю на тэрыторыі прэзідэнцкай рэзідэнцыі, пачатая ў нядзелю, прадоўжылася ў панядзелак і аўторак. Як і па ўсёй краіне, пакуль тут убіраюць раннія сарты.
Са змяненнем кліматычных норм давялося перабудоўвацца беларускім аграрыям. Цяпер ужо нікога не здзівіш вырошчваннем у Беларусі перцаў, баклажанаў, іншай цеплалюбівай агародніны. З падачы кіраўніка дзяржавы па ўсёй краіне пачалі вырошчваць і бахчавыя - кавуны і дыні. Сёння ўчасткі з гэтымі культурамі можна сустрэць не толькі на палях сельгаспрадпрыемстваў, але і асабістых падворках беларусаў. Пры гэтым іх якасць ніколькі не ўступае паўднёвым.