23 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. У Мінску з 27 па 31 ліпеня пройдзе шэраг мерапрыемстваў з нагоды Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі адзначаецца з 2014 года 30 ліпеня ў адпаведнасці з рашэннем Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, ініцыятарам прыняцця якога выступіла Беларусь.
У Мінску мерапрыемствы арганізуюцца пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Так, 27 ліпеня ў 15.00 у галерэі "ЦЭХ" (вул. Кастрычніцкая, 16) адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам намесніка міністра замежных спраў Валянціна Рыбакова, а таксама кіраўніцтва МУС і прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі, прадстаўнікоў іншых дзяржаўных органаў, міжнародных і няўрадавых арганізацый. На мерапрыемства запрошаны дыпламатычны корпус, беларускія і замежныя СМІ.
У галерэі "ЦЭХ" 27-31 ліпеня прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі арганізуецца бясплатны кінапаказ мастацкіх фільмаў, прысвечаных праблеме гандлем людзьмі. У праграму кінапаказу ўвайшлі фільмы з Беларусі, Балгарыі, Сербіі, ЗША, Швецыі.
30-31 ліпеня ў Міжнародным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі Акадэміі МУС адбудзецца другі семінар для прадстаўнікоў кампетэнтных органаў дзяржаў - членаў Групы сяброў, якія аб'ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі. У семінары прымуць удзел, акрамя дзяржаў - членаў Групы сяброў, кіраўніцтва і прадстаўнікі шэрага міжнародных арганізацый, уключаючы Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗ ААН), Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ ААН), Міжнародную арганізацыю па міграцыі (МАМ), Міжнародную арганізацыю працы (МАП), Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).