15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мемарыяльную дошку ў гонар першай гуманітарнай місіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый - Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення аб'яднаных нацый (ЮНРРА (UNRRA - United Nations Relief and Rehabilitation Administration) адкрыюць у Мінску 19 кастрычніка. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Памятны знак з'явіцца на фасадзе дома-музея "Лошыцкая сядзіба". Ва ўрачыстай цырымоніі яго адкрыцця прымуць удзел міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд і пастаянны каардынатар ААН і пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха.
Адкрыццё мемарыяльнай дошкі прымеркавана да святкавання 70-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны і 70-годдзя з дня заснавання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.