18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Флэшмоб бесперапыннага чытання Якуба Коласа ўпершыню пройдзе 3 лістапада ў БДУ. Акцыя "Коласаўскі марафон. Новая зямля. На стрыме" прымеркавана да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі. Мерапрыемства накіравана на папулярызацыю беларускай культуры, захаванне і развіццё нацыянальных літаратурных традыцый. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.
"На працягу шасці з паловай гадзін удзельнікі флэш-мобу будуць перадаваць эстафету адзін аднаму ў чытанні галоўнага твора Якуба Коласа "Новая зямля". Урыўкі з паэмы агучаць студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ВНУ. Кожны з іх пакажа сваё майстэрства ў дэкламаванні і выразным чытанні. Мяркуецца, што за абазначаны час удзельнікі цалкам прачытаюць паэму", - расказалі ў прэс-службе.
Асаблівасцю флэш-мобу стане яго прамая анлайн-трансляцыя на Youtube-канале.
Да ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя супрацоўнікі і студэнты БДУ. Для гэтага трэба прайсці папярэднюю рэгістрацыю.
Арганізатарам марафону чытання выступае Фундаментальная бібліятэка БДУ.