7 красавіка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Магілёўскі і Гомельскі тэатры лялек 8 красавіка абмяняюцца гастролямі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў магілёўскай установе культуры.
Глядач горада на Дняпры ўбачыць спектакль-казку "Мядзведзь і Ліса". Гэта яркая, забаўная і павучальная гісторыя пра дабрадушнага Мядзведзя і яго суседку каварную Лісу. Інтэрактыўны спектакль паводле п'есы Міхаіла Супоніна паставіў Рыгор Гольдман. Гомельскія акцёры раскажуць займальную казку, якая будзе цікавай усім - і дзецям, і іх бацькам.
Магілёўскі абласны тэатр лялек прывязе ў Гомель пастаноўку рэжысёра Сяргея Сергеенкі "Марыйка ў казачнай краіне". Чароўная гісторыя па матывах югаслаўскай казкі будзе зразумелая, цікавая і павучальная гледачам усіх узростаў. Згодна з сюжэтам, маленькая дзяўчынка з-за сваёй ляноты і кепскага характару трапляе ў дзіўную краіну Буквара. Тут яна вучыцца працавітасці і ветлівасці, становіцца смелай і адважнай. Галоўны персанаж змяняецца ў лепшы бок у тым ліку з дапамогай казкі.
"Прататып Марыйкі - зборны вобраз дзіцяці, прычым не толькі сучаснага: дзеці ва ўсе часы застаюцца дзецьмі, - адзначыў Сяргей Сергеенка. - Яна сапраўдная гарэза, якая не хоча вучыцца. Праз усю лінію чырвонай ніццю пракладзена тэматыка азбукі - літары, кнігі, буквары і ўсё, што з гэтым звязана. Аднак галоўная ідэя пастаноўкі закладзена ў радках песенькі з любімай тэлеперадачы дзяцінства: "АБВГДэйка" - гэта вучоба і гульня, "АБВГДэйка" - азбуку дзецям ведаць пара". Сюжэтныя перыпетыі павінны абудзіць у маленькага гледача жаданне вучыцца і рабіць гэта з цікавасцю".
Рэжысёр упэўнены, што пасля спектакля малышы прыйдуць дадому, дастануць кнігі і сшыткі і стануць з задавальненнем адкрываць для сябе дзіўны свет ведаў. Дарэчы, "Марыйка ў казачнай краіне" стала чацвёртай рэжысёрскай работай Сяргея Сяргеенкі і падарункам да 45-годдзя Магілёўскага абласнога тэатра лялек, якое ўстанова адзначыла ў мінулым годзе.