19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За значны асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё беларуска-малдаўскіх культурных сувязей медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны Канстанцін Масковіч, саліст Нацыянальнай філармоніі Рэспублікі Малдова імя Сяргея Лункевіча. Адпаведны ўказ 18 кастрычніка падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Канстанцін Масковіч вядомы як выканаўца, які іграе на наі - мнагаствольнай флейце. У 2005 годзе ён арганізаваў фестываль эстраднай музыкі "Песні свету" ў Камраце, з 2006 года фестываль праходзіў у Кішынёве.
Беларусам малдаўскі наіст вядомы як удзельнік фестываляў "Славянскі базар" і "Залаты шлягер". Саліст філармоніі Малдовы з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком фестывалю "Славянскі базар" на тэрыторыі сваёй краіны і Румыніі.
Мелодыя Канстанціна Масковіча з'яўляецца візітнай карткай міжнароднага аэрапорта ў Кішынёве.