21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнні Дзяржаўнага сакратара Ватыкана кардынала П'етра Параліна наведаў выставу беларускіх ікон XVII-XXI, экспазіцыя якіх разгарнулася ў музеі Ватыкана.
Дзяржаўны сакратар далучыўся да кіраўніка беларускай дзяржавы непасрэдна ў час агляду выставы. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэта толькі першы значны крок у развіцці музейнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам і за гэтай выставай пойдуць многія іншыя цікавыя і маштабныя праекты.
Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар музею сучасны беларускі абраз, а асабіста кардыналу П'етра Параліну ўручыў набор марак на рэлігійную тэматыку.
Выстава "Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь" адкрылася ў музеі Ватыкана за некалькі дзён да візіту. Экспазіцыя прымеркавана да пазачарговага юбілейнага (святога) Года міласэрнасці, які аб'яўлены Папам Рымскім Францыскам. Выстава ўключае 31 ікону беларускіх іканапісцаў і 2 чаканныя аправы. Беларускія іконы ўпершыню экспануюцца на выставе ў музеі Ватыкана, у непасрэднай блізкасці ад знакамітай Сіксцінскай капэлы з творамі Мікеланджэла. Дзякуючы гэтаму спецыялісты і шматлікія турысты з усяго свету змогуць азнаёміцца з унікальнымі творамі беларускай сакральнай культуры.