18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў супрацоўнікаў, работнікаў і ветэранаў БФСТ "Дынама" з 95-й гадавінай з дня ўтварэння таварыства. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"На працягу ўсёй сваёй гісторыі гэта арганізацыя з'яўляецца асноўнай базай для развіцця фізкультурнага руху, спорту вышэйшых дасягненняў і прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў органаў правапарадку Беларусі. Многія нашы праслаўленыя атлеты носяць гордае імя "дынамавец". Сярод іх Іван Ціхан, Аляксандр і Андрэй Багдановічы, Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна і іншыя. Іх поспехі ўвасабляюць нязломную волю да перамогі, усяляюць у нас пачуццё гонару за краіну, служаць патрыятычнаму выхаванню моладзі", - гаворыцца ў віншаванні.
"Адзначаючы юбілей, мы аддаём даніну памяці і павагі трэнерам, спецыялістам і спартсменам, якія стаялі ля вытокаў стварэння таварыства, абаранялі Радзіму на франтах Вялікай Айчыннай вайны, выконвалі свой службовы абавязак у розных кропках планеты", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт пажадаў супрацоўнікам, работнікам і ветэранам БФСТ "Дынама" моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, яркіх перамог і новых рэкордаў.