10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі запрашае 13 і 14 лютага на рамантычныя прагулкі па алеях выстаўкі лядовых і снежных скульптур і гарачых тропіках аранжарэі, а таксама святочныя праграмы да Дня ўсіх закаханых, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
"Лядовыя і снежныя скульптуры, створаныя вядомымі скульптарамі і творчай моладдзю, упрыгожваюць у гэтыя дні кляновую алею саду і служаць эксклюзіўнымі фотазонамі для наведвальнікаў у дадатак да тых, якія спецыяльна створаны да Дня ўсіх закаханых. На свята ўсё гэта тым больш робіць прыемнай прагулку па марозным надвор'і. Прадоўжыць сустрэчу з каханымі і сябрамі можна ва ўтульнай і зялёнай аранжарэі трапічных раслін. Аматарам экзотыкі рэкамендуем наведаць экспазіцыю лепшых узораў архідэй з калекцыі саду. Тут жа знаходзіцца святочная фотазона "Сэрца з архідэй", - расказалі ў адміністрацыі.
У бліжэйшыя выхадныя з 14.00 да 17.00 Батанічны сад падрыхтаваў асаблівы падарунак - святочныя фотасесіі для закаханых.
З 17.00 да 19.00 у суботу вячэрніх наведвальнікаў чакае інтэрактыўная музычная праграма з конкурсамі, латарэямі, падарункамі, танцавальным флэш-мобам і фаер-шоу. А на працягу ўсяго дня - частаванне гарачай гарбатай з сушкамі, пернікамі і іншымі традыцыйнымі ласункамі ад "Самаварнага шоу".
У магазіне Батанічнага саду ў гэтыя дні адбудзецца пашыраны распродаж раслін.
Касы 13 і 14 лютага працуюць да 19.00, экспазіцыйная аранжарэя - да 20.00.