4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская лёгкаатлетка Хрысціна Ціманоўская, якая спецыялізуецца ў бегу на спрынтарскіх дыстанцыях, выйграла золата на міжнародным турніры, прысвечаным памяці прызёра Гульняў-1968 Лізэль Пракоп у Санкт-Пёльтэне (Аўстрыя), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Пра сур'ёзнасць свайго намеру на дыстанцыі 100 м беларуская спартсменка заявіла ўжо на папярэдняй стадыі спаборніцтваў, паказаўшы другі час - 11,52 сек. У фінальным забегу беларуска палепшыла свае паказчыкі, фінішаваўшы з часам 11,22 сек.
На другім месцы гэты від праграмы завяршыла Іна Х'юмер з Аўстрыі - 11,41 сек. Трэцяе - у яе суайчынніцы Магдалены Лінднер - 11,45 сек.
Адзначым, што гэта быў першы старт беларускі ў летнім сезоне.