28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адкрые 104-ы сезон 29 жніўня спектаклем "Паўлінка", паведамілі каэрспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.
Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вольга Няфёдава адзначыла, што ў бягучым годзе ў тэатра вялікія планы. "Цяпер ідуць рэпетыцыі над сумесным праектам з Міністэрствам культуры - спектаклем для камернай сцэны пад назвай "Двор майго дзяцінства" па інсцэніроўцы рэжысёра Данііла Філіповіча. Гэта ода Мінску, расказаная хлопчыкам, своеасаблівы рэверанс нашай сталіцы. Я спадзяюся, што гэта будзе вельмі цёплы і ўтульны спектакль, які кране гледачоў. Таксама мы павінны пачаць рэпетыцыі спектакля "А досвіткі тут ціхія" расійскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава. Прэм'ера дзвюх пастановак плануецца ў снежні", - расказала Вольга Няфёдава.
Яна дадала, што ў верасні ў Беларусь прыязджае адзін з найстарэйшых тэатраў Расіі - Казанскі акадэмічны рускі Вялікі драматычны тэатр імя В.І.Качалава, які адкрые тут свой 233-і сезон. "Перагаворы вяліся на працягу года. Артысты з Казані пакажуць свой цудоўны класічны рэпертуар, у які ўваходзяць "Рэвізор", "Вар'яцкі дзень, або Жаніцьба Фігара", "Пікавая дама" і іншыя пастаноўкі. А ў канцы кастрычніка мы паляцім у Казань і прадставім на расійскай сцэне наш нацыянальны гонар "Паўлінку", - сказала Вольга Няфёдава.