25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Культурную праграму Латвіі адкрылі 25 сакавіка ў Мінску Дні латвійскага кіно. Цырымонія адкрыцця прайшла ў кінатэатры "Перамога", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, беларускі глядач мае магчымасць убачыць лепшыя кінаработы, створаныя ў Латвіі за апошнія гады. На сустрэчу з гледачамі прыехалі кінамайстры з Латвіі, у прыватнасці, Яніс Стрэйчс.
Паводле слоў міністра, акрамя таго, у бліжэйшы час беларусы змогуць убачыць выстаўку музея янтару з Латвіі, пачуць адзін з лепшых хароў.
У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоўс падкрэсліў, што такія культурныя мерапрыемствы служаць імпульсам для актывізацыі адносін паміж дзвюма краінамі. Цяперашняя праграма кінафільмаў прымеркавана да старшынства Латвіі ў Савеце Еўрапейскага саюза. Ён адзначыў, што беларускі і латвійскі кінематограф заўсёды мелі блізкія кантакты. Латвійскія акцёры здымаліся на "Беларусьфільме", беларускія майстры прымалі ўдзел у сумесных праектах з латышскім бокам. Пасол уручыў міністру культуры Беларусі калекцыю фільмаў з залатога фонду латвійскага кіно, якая будзе перададзена ў Музей гісторыі беларускага кіно.
Дні латвійскага кіно пройдуць у Мінску з 25 па 27 сакавіка. У праграме ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя фільмы.-