29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб тым, куды можна з'ездзіць з дзецьмі напярэдадні Новага года, расказала ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік дырэктара - начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Кацярына Нікіціна.
Гаворачы аб альтэрнатывах паездкі з дзецьмі ў Белавежскую пушчу да Дзеда Мароза, спецыяліст прывяла прыклады падобных месцаў і ў іншых абласцях нашай краіны.
"Напрыклад, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці на турбазе "Азяркі" з'явіўся новы персанаж Дзед Бай", - расказала яна.
Вобраз Дзеда Бая - гэта даніна павагі творчасці паэта, пісьменніка і перакладчыка Уладзіміра Дубоўкі. У яго творы "Чароўная знаходка" галоўным персанажам з'яўляецца Дзед Бай - вясёлы расказчык і казачнік, які прыйшоўся да спадобы дзіцячай аўдыторыі. Паводле сюжэтаў казак, напісаных Уладзімірам Дубоўкам, ствараюцца анімацыйныя праграмы, героі якіх удзельнічаюць у тэатралізаваных паказах на сцэне комплексу.
"Таксама ў гэтым годзе з тэатралізаваным паказам на турбазу "Азяркі" вернецца яшчэ адзін фальклорны пастаўскі персанаж - Зюзя Паазерскі", - дадала Кацярына Нікіціна.
Акрамя таго, яна падкрэсліла, што яшчэ адной альтэрнатывай можа быць паездка ў нацыянальны парк "Прыпяцкі" ў Гомельскай вобласці. "У гэтым парку таксама пабудавана рэзідэнцыя Дзеда Мароза, у якога нават ёсць свой алень. Будзе арганізавана навагодняя праграма. З адметнасцей ёсць Музей палешука, што таксама даволі цікава", - рэзюмавала начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме.