16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі праходзіць прэс-тур кітайскіх журналістаў, які працягнецца па 20 красавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.
Прэс-тур праводзіцца з мэтай папулярызацыі беларускіх тавараў і паслуг у КНР і развіцця беларуска-кітайскіх адносін.
Для замежных гасцей падрыхтавана насычаная праграма. Сёння яны наведаюць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", навукова-тэхналагічны парк БНТУ "Палітэхнік", філіял "Рэсурсны цэнтр ЭкаТэхнаПарк - ВОЛМА" Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, а таксама факультэт кітайскай мовы і культуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Заўтра кітайскія госці пабываюць у замкавым комплексе "Мір", Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, пагуляюць па гістарычных мясцінах у цэнтры Гродна.
На 18 красавіка для кітайскіх журналістаў падрыхтавана экскурсія па ААТ "Малочны свет" і ваўкавыскім ААТ "Беллакт", запланавана сустрэча са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым.
Госці пабываюць у падраздзяленні Парка высокіх тэхналогій - СТАА "Гейм Стрым" і на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама", дзе ім прэзентуюць праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. Крыху пазней яны наведаюць кніжны магазін "Дружба", дзе ім пакажуць кнігі кітайскіх аўтараў выдавецтва "Мастацкая літаратура".
Арганізатарамі прэс-туру выступаюць Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў і Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт.