19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўніку франка-беларускай музычнай асацыяцыі La Vie En Musique ("Жыццё ў музыцы") вядомаму беларускаму музыканту і кампазітару Георгію Сасноўскаму ўручаны медаль Францыска Скарыны. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў пасольстве Беларусі ў Францыі, паведамілі БЕЛТА ў дыпмісіі.
Уручаючы яму медаль, пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка падкрэсліў, што беларуская дыяспара ў Францыі актыўна аказвае садзейнічанне развіццю двухбаковага супрацоўніцтва паміж краінамі як у эканамічнай, так і ў культурнай сферах. Дыпламат адзначыў, што Георгій Сасноўскі і ўзначальваемая ім асацыяцыя рэгулярна арганізоўваюць мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай культуры.
Пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ў пасольстве прайшоў канцэрт класічнай музыкі ў выкананні Георгія Сасноўскага і яго вучняў. Адбыўся вернісаж беларускіх мастакоў - удзельнікаў вядомай выставы Art Capital, якая прайшла ў лютым у Гранд-Пале пад патранатам прэзідэнта і міністра культуры Францыі.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве ў пасольстве прынялі ўдзел прадстаўнікі французскіх органаў дзяржаўнага кіравання, французскай грамадскасці і беларускай дыяспары.
Як паведамлялася, у адпаведнасці з указам Прэзідэнта Беларусі Георгій Сасноўскі быў удастоены ўзнагароды за значны асабісты ўклад у папулярызацыю айчыннай культуры за мяжой і падтрымку маладых беларускіх музыкантаў.