6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнікі міжнародных і нацыянальных лёгкаатлетычных федэрацый наведаюць Мінск 8-10 красавіка. Яны прымуць удзел у канферэнцыі, прысвечанай актуальным пытанням развіцця лёгкай атлетыкі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У беларускую сталіцу ўпершыню прыедуць прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый лорд Себасцьян Коэ і кіраўнік Еўрапейскай асацыяцыі Свейн Арнэ Хансэн, а таксама кіраўнікі нацыянальных лёгкаатлетычных федэрацый. У час работы канферэнцыі, якая пройдзе ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, удзельнікі абмяркуюць найбольш актуальныя пытанні ўзаемадзеяння федэрацый па папулярызацыі сусветнай лёгкай атлетыкі. У праграме канферэнцыі таксама значацца рабочыя сустрэчы для тых супрацоўнікаў, хто толькі нядаўна апынуўся ў ліку кіруючага корпуса. Яны змогуць абмяняцца вопытам і атрымаць адказы ад вядучых спецыялістаў еўрапейскай лёгкай атлетыкі.
Як расказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, такія сустрэчы кіраўнікоў еўрапейскіх нацыянальных федэрацый праводзяцца раз у два гады. "Тое, што Мінск атрымаў права правесці такі форум, з'яўляецца нашай маленькай перамогай з папулярызацыяй беларускай лёгкай атлетыкі на міжнароднай арэне", - сказаў ён. Кіраўнік БФЛА таксама адзначыў, што чакаецца прыезд больш як 100 спецыялістаў. Акрамя непасрэдна работы на канферэнцыі для гасцей падрыхтавана культурная праграма.