19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да вечара французскай класікі 22 ліпеня каля мінскай ратушы з'явіцца копія Эйфелевай вежы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары фестывалю "Класіка ля ратушы з velcom".
Трэці канцэрт фестывалю пад назвай "Tour de Classique" прысвечаны 25-годдзю ўстанаўлення французска-беларускіх дыпламатычных адносін. Перад канцэртам побач са сцэнай будзе ўстаноўлена копія Эйфелевай вежы. Кожны жадаючы зможа зрабіць незабыўныя здымкі і ў поўнай меры адчуць чароўную атмасферу Францыі.
На самім канцэрце акунуцца ў хараство французскай музыкі гледачам дапамогуць лепшыя майстры мастацтваў Беларусі, а таксама запрошаны госць з Францыі - барытон Аліўе Эт. Мінчане і госці сталіцы змогуць атрымаць асалоду ад сольных, ансамблевых і аркестравых твораў кампазітараў, якія з'яўляюцца гордасцю французскай нацыі. Цэлыя эпохі будуць гучаць на сцэне фестывалю: Жан-Філіп Рамо, Габрыэль Фарэ, Клод Дэбюсі - іх творы па праву лічацца шэдэўрамі сусветнай музычнай культуры.
Арганізатары запрашаюць да ўдзелу ў фотаконкурсе "Класіка ля ратушы з velcom". Спаборніцтвы аб'яўляюцца паміж аўтарамі здымкаў на фоне мінскай Эйфелевай вежы. У якасці прыза пераможцам - запрашэнне на спецыяльную фотавыстаўку, якая будзе арганізавана пасля заканчэння праекта ў жніўні.
Серыя летніх канцэртаў "Класіка ля ратушы з velcom" праходзіць з 8 ліпеня па 26 жніўня ўжо трэці раз. Адкрыла праект канцэртная праграма, падрыхтаваная галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі Аляксандрам Анісімавым да 90-годдзя калектыву.
Уваход на суботнія канцэрты свабодны.
Праект "Класіка ля ратушы з velcom" рэалізуе Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры падтрымцы кампаніі velcom. Да ліку арганізатараў у гэтым годзе далучылася канцэртнае агенцтва "Эквілібрыум Артс".